Want to make creations as awesome as this one?

More creations to inspire you

Transcript

У шэрагу волатаў эпохі Адраджэння, як ужо адзначалася вышэй, поруч з Ф. Скарынам стаіць выдатны паэт-гуманіст, прадстаўнік новалацінскай паэзіі эпохі ВКЛ. Нарадзіўся, найбольш верагодна, уадным са шматлікіх на Беларусі паселішчаў з назваю Уса (Усава) ці Гусава, ад якога, відаць, і ўзяў сабе прозвішча - Гусоўскі. Добра ведаў прыроду, жыццё простага чалавека, звычкі жыхароў беларускіх пушчаў. Пра першы перыяд яго жыцця, звязаны з родным краем, вядома са зместу паэмы “Песня пра зубра”. Фактам з уласнай біяграфіі, якімі М. Гусоўскі насыціў свой твор, нельга не верыць. “…Я, лясны чалавек…”, “Я, следапыт, …мне гэта звычна”, “…мяне, сына, вучыў палясоўшчык”, “Я ж бы займаўся работай, мне звычнаю, - лукам…”, “Што да мяне, то сваё паляванне і ловы Адпаляваў я. Адзіная ўцеха ў самоце - жыць успамінамі…” [2, c. 16 - 19; далей у зносках радкоў з твора будзе ўказвацца толькі нумар старонкі]. Прыведзеныя радкі сведчаць, што хлопчык з'явіўся на свет і выхоўваўся ў сям'і паляўнічага ці лоўчага. Край мой (цяпер ужо ўласнасць Кароны) калісьці Я перамераў удоўжкі і ўпоперак пешшу. Змалку ад бацькі вучыўся ў бясконцых абходах Крокам нячутным ступаць, каб нішто не шурхнула, І спасцігаў, як звяроў прыкмячаць па бярлогах Нюхам, і вухам, і вокам…(20) - прызнаецца паэт. Прырода, паляўнічае жыццё былі не адзінай школай для М. Гусоўскага. У іншым месцы паэмы чытаем: Свет даўніны вывучаў я па кнігах славянскіх, Граматах рускіх, кірыліцай пісаных вязкай…(19) Кніжная школа хутчэй за ўсё пачыналася для будучага паэта з велікакняжацкага асяроддзя, якое бавіла на паляваннях і ловах вольны час. На адным з такіх паляванняў здольнага юнака заўважыў сакратар велікакняжацкай канцылярыі ў Вільні Эразм Вітэліус. Ён дапамог Міколу атрымаць грунтоўную адукацыю (магчыма, у Польшчы або Італіі), вывучыць мову тагачаснай заходнееўрапейскай навукі і культуры - латынь, - уладкавацца на дыпламатычную службу, падштурхнуў да літаратурнай творчасці. У сталыя гады Мікола Гусоўскі жыў пераважна ў Польшчы, служыў пры двары свайго мецэната, плоцкага біскупа Эразма Вітэлія (Цёлка), быў яго дарадцам, суправаджаў у час паездак з пасольскімі даручэннямі ў розныя краіны. Пад уплывам Эразма Вітэлія, які вылучаўся шырокімі культурнымі інтарэсамі і гуманістычнымі поглядамі, агульнай атмасферай рэнесансавай Еўропы паэт канчаткова сфарміраваўся як творчая асоба. У 1518 - 1522 гг. Мікола Гусоўскі ў складзе пасольства ВКЛ і Каралеўства Польскага да папы Льва Х пабываў у Рыме. Там напісаў па заказу Папы Рымскага вядомую нам сёння паэму на лацінскай мове паэму “Carmen de statura, feritate ac venatione bisontis” (“Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго”). Пазней гэтая паэма ўвайшла ў зборнік, дзе змяшчаліся яшчэ адзінаццаць вершаў (напісаных у Рыме) пад назвай “Песня пра зубра” і выдаў у Кракаве ў 1523 годзе. Гэты мастацкі твор і дайшоў да нас упершыню ў 1969 годзе ў перакладзе з лацінскай мовы Я. Семяжона. У 1994 годзе чытач змог пазнаёмiцца з новым варыянтам славутага твора ў перакладзе У. Шатона. Творчая спадчына Міколы Гусоўскага немалая. Першыя літаратурныя спробы пісьменніка з'явіліся, напэўна, яшчэ ў дарымскі перыяд творчасці, аднак самым удалым творам, якому былі наканаваны доўгае жыццё і вялікая слава, стала паэма “Песня пра зубра”, першая рэалістычная ліра-эпічная паэма пра нашу краіну. У экспазіцыі паэмы аўтар дакладна паведамляе пра задуму твора, прызнаецца, што яму давялося стаць аўтарам па чужой волі. Аднойчы, знаходзячыся ў Рыме, пасольская дэлегацыя на чале з Эразмам Вітэліусам назірала ў прысутнасці папы Льва Х бой быкоў. Нехта са світы заўважыў, што відовішча карыды падобна на зубрыныя ловы. Мікола Гусоўскі, які прысутнічаў на папскай трыбуне, пагадзіўся з такім параўнаннем і стаў незвычайна ўсхвалявана расказваць пра паляванне на зубра ў пушчах роднага краю. Леў Х тут жа выказаў жаданне занатаваць пачутае ў вершаванай форме і мець чучала гэтага экзатычнага звера. Эразм Вітэліус, спадзеючыся мацней зацікавіць папу палітычнымі мэтамі сваёй місіі, вырашыў выкарыстаць зручны выпадак - паслаў ганцоў да віленскага ваяводы, князя Радзівіла, з просьбай прыслаць у Ватыкан чучала самага буйнога зубра, а Міколу Гусоўскага абавязаў неадкладна напісаць паэму. Даверыўшыся свайму жыццёваму вопыту і прафесійнай памяці лаўца, Гусоўскі ўзяўся за пяро. Так у Рыме ў 1522 годзе з'явілася “Песня пра зубра”, калі ні яе ініцыятара папы Льва Х, ні яе заказчыка Э. Вітэліуса ўжо не было ў жывых.

ВОБРАЗ ЗУБРА - СІМВАЛІЧНАЕ ЎВАСАБЛЕННЕ СІЛЫ І ТРЫВАЛАСЦІ НАРОДА Бачыце, я, між паэтаў часовы абраннік, Вымушан скласці свой спеў аб краіне з багаццем Свету жывёльнага ў ёй, бо і звер гэты цудам Толькі шчэ ў нас захаваўся пад зоркай Палярнай. М. Гусоўскі “Песня пра зубра” - твор патрыятычны, прасякнуты глыбокім адчуваннем радзімы як месца адзінага, непаўторнага, любага. Многія раздзелы паэмы, як ужо зазначалася вышэй, гучаць урачыстым гімнам у гонар родных лясоў. Любоў паэта да роднага краю, смутак на чужыне - гэта і ёсць адна з праблем твора, якую паэт раскрывае праз сардэчную споведзь, шкадаванне аб незваротным; праз паказ незлічоных багаццяў беларускіх лясоў. Не абыходзіць паэт сваёй увагай і жыццё народа, паказвае працавітасць, гаспадарлівасць сваіх землякоў, іх працу на полі і ў лузе, захапляецца ўмельствам бортнікаў. Згадаў паэт і пра розныя гандлёвыя сувязі з іншымі народамі. Для чалавека, лічыць Гусоўскі, прырода - усенародны здабытак, крыніца здароўя, радасці, выхавання высокіх патрыятычных і эстэтычных пачуццяў. Паэзія лясоў пралівае святло на галоўнага героя паэмы - зубра, постаць якога сярод такой прыгажосці бачыцца асабліва магутнай і велічнай. Вось ён - бізон ваш, што ў нас называецца зубрам! Масці паджарай, як мешанка бурай і чорнай, Быццам з вякоў у вякі пераходзіў праз горны I гартаваўся, сабраўшы адценкі стагоддзяў (18). Асноўным зместам твора па сутнасці стала паляванне на зубра ў Белавежскай пушчы. Падрабязна і дэталёва аўтар апісвае тое, як спачатку заганяюць зубра ў загон, як затым раз'юшаны стрэламі звер гатовы крушыць і ламаць, знасіць усё на сваім шляху, “як лавіна з гары”. Пераклічка з апісаннем іспанскай карыды тут відавочная. “Пушчаў жыхар”, магутны зубр, паводзіць сябе ваяўніча, нястрымна, дзіка. Але, як і ва ўсякім выдатным мастацкім творы, змест паэмы выходзіць далёка за межы толькі апісання палявання на ляснога звера. Час ад часу зубр губляе сваю канкрэтна-біялагічную існасць і тады ўвасабляе цэлы народ - моцны, непакорны, але зусім не ваяўнічы, добры. У паэме перадаецца абагульнены лёс краіны, лёс народа. Для Міколы Гусоўскага зубр увасабляў сілу, моц і прыгажосць роднай зямлі. Лёгкімі штрыхамі Гусоўскі адухаўляе спрадвечнага насельніка Белавежы, надзяляе здольнасцю мысліць і чуйна рэагаваць на разнастайныя адценні паміж дабром і злом: Лютасцю больш небяспечны, чым люты драпежнік, Зубр для людзей не страшны, не чапай - не зачэпіць, Будзе стаяць як укопаны - пастыр на варце, Не страпянецца, а позіркам пасціць няспынна І чараду, і сям'ю ў чарадзе на папасе (21). Раздзел паэмы, які пачынаецца з працытаваных радкоў, прысвячаецца апісанню зубрыных паводзін. У гэтай частцы твора асабліва заўважны рух лірычнага пачуцця - ад замілавання, любасці да адчайнай трывогі, якую нясуць паэтычныя згадкі пра навіслую над зубрам небяспеку - бессэнсоўных забойстваў, гвалту. Зубр у паэме - алегарычны вобраз роднага краю, сiмвал яго былой магутнасцi. Апісанне знешняга выгляду зубра аўтар удала спалучыў з яго ўнутранымі рысамі. Надзелены незвычайнай сiлай, зубр - звер мiралюбiвы, бяскрыўдны, калi яго не зачапiць, не патрывожыць. Гаспадар пушчы прызнае перамогу, “здабытую чэсна - сілай на сілу”. I ён люты, бязлiтасны, калi абараняецца пры нападзе ворагаў, калі яго статку пагражае небяспека. Паэт маляўнiча апiсвае зубрыны статак: тут адлюстраваны i стадны iнстынкт, i вернасць у парах, якую можа парушыць толькi смерць, i скрытая сiла, i невычэрпная энергiя, i магутнасць. І ў статку зубрыным, нібы ў чалавечай сям'і, пануе згода, узаемаадказнасць і ў той жа час “субардынацыя”: Там у іх выручка: гуртам - за кожнага ў статку, Кожны ж - за гурт і за ўсіх, беспарадкаў - ніякіх. Дужы са слабым уладай дзяліцца не стане; Права царова ў чародах на пашы і ў спрэчках Даў яму вопыт, набыты магутнаю сілай (25). Ідэалізуючы звера на казачны манер, М. Гусоўскі прыпісвае яму вышэйшыя маральныя пачуцці і грамадзянскія рысы характару чалавека. Цар лясоў сапраўды становіцца ўладаром зубрынага статку. Асілак між звяроў, мужны і чуйны, “кемлівы звер па прыродзе”, ён прымае выклік толькі на чэсны бой. Паэт захапляецца сілай і высакародствам зубра, з асаблівай цеплынёю і спачуваннем расказвае пра паводзіны цяжка параненага звера. Вобраз зубра для Гусоўскага - сімвал Бацькаўшчыны. Настальгічныя ўспаміны аб роднай зямлі, якую ён хацеў бачыць шчаслівай, свабоднай і незалежнай, глыбокія перажыванні за яе будучыню, гераічны дух продкаў былі жыватворнай крыніцай яго паэтычнага натхнення. Безлiч радкоў прысвячае паэт паляванню ў пушчы: зубр трапляе ў пастку, i на яго сыплецца цэлы град стрэл i коп'яў, упiваючыся ў цела i грыву; кроў сочыцца з яго, пеняцца ёю свежыя раны; вочы поўныя гневу; раз'юшаны звер доўга яшчэ бушуе, спрабуючы адпомсцiць ворагам “i за кроў, i за раны, i за парушанае мiрнае жыццё”; паступова сiлы пакiдаюць зубра; па звычаi двое юнакоў клiнкамi дабiваюць яго. Страшнае вiдовiшча! I паэт асуджае бессэнсоўнаё знiшчэнне зуброў, узнiмае праблему беражлiвых адносiн да прыроды. Для апісання выгляду і нораву жывёлы аўтару спатрэбілася абвергнуць усталяваныя ў працах антычных і хрысціянскіх пісьменнікаў стэрэатыпы. Так, Пліній, апісваючы зубра, сцвярджаў, быццам у яго быў рог на пысе, як у насарога, і служыў гэты рог грознаю зброяй. У многіх аўтараў паўтаралася версія, быццам зубр - драпежнік, жывёла крыважэрная, а на самай справе ён раслінаедны рахманы волат. Свае пярэчанні Мікола Гусоўскі сціпла называе толькі ўдакладненнямі, але настойліва просіць чытача, які прывык верыць кніжным аўтарытэтам больш, чым жывым сведкам, каб ён усё ж прыняў гэтыя ўдакладненні, бо без іх далейшы расказ страціць шанс на праўдзівасць і лагічнасць [1, c. 151]. Паэма дае праўдзівы, блізкі да рэальнасці адбітак зубрынага жыцця, нораваў, паводзінаў і звычак гэтых звяроў-волатаў, цуда прыроды. Так што вобраз зубра ў паэме мае дакументальную аснову. Пра тое сведчыць нават партрэт зубра-самца. Запамінальныя такія яго дэталі: “гэтае дзіва з абшараў Літоўскага княства” вельмі вялікае целам (“Трох паляўнічых садзіцца ў яго між рагамі”), ён - увасабленне сілы, моцнага здароўя, што перадавалася са стагоддзя ў стагоддзе (“Быццам з вякоў у вякі пераходзіў праз горны і гартаваўся, сабраўшы адценкі стагоддзяў”). У развіцці дзеяння твора дакументальны партрэт пераадольваецца, перакрываецца мастацкім вымыслам. Мастак абагаўляе асілка, цара пушчы. Але ўжо ў партрэце закладвае такія рысы яго характару, як свабадалюбства, злосць, ярасць ( з позірку “зыраць і злосць, і нянавісць, і ярасць”). Асаблівую ўвагу аўтар аддае знешняй постаці жывёліны, паказвае, што яна пакрыта густой і доўгай поўсцю: Злямчаны клін барадаты памялом вытыркае з-пад сківіц, З позірка зыраць і злосць, і нянавісць, і ярасць; Грыва калматая шчыльна да самых лапатак Шыю ўкрывае, звісаючы ўніз па калені (18). Гусоўскі не быў бы Гусоўскім, каб пры апісанні зубра ўстрымаўся яшчэ ад аднаго цікавага параўнання. І гэтае параўнанне народжана захапленнем народнымі норавамі, звычаямі, назіральнасцю людзей. Паэт абапіраецца на народнае: “Параўнаў быка з індыкам”, кплівае і абразлівае часцей, перайначвае яго на свой манер, дастасоўвае да патрэбнага яму выпадку. Пра волата-зубра ён піша па-народнаму трапна, іранічна, але не абразліва, з лёгкай усмешкай: Часта ж раўняюць малое з вялікім, як быка з індыкам, - Гэта казёл барадаты з нагуленым целам (18). Мікола Гусоўскі, расказваючы пра зубра, услаўляе яго прыгажосць, постаць, магутнасць, сілу, яго веліч над усімі астатнімі жыхарамі лесу. “Пушчанскі рыцар” паказаны магутным, велічным, неўтаймаваным, высакародным, у паэме ён выступае нібыта абаронцам усіх пакрыўджаных, занядбаных, абаронцам, які гатовы прынесці сябе ў ахвяру, загінуць у няроўнай барацьбе дзеля таго, каб жыў дух беларускіх лясоў. Гэта вобраз-алегорыя. Аднак паэт не апісвае самой смерці волата беларускай пушчы. Асновай твора з'яўляецца сутыкненне паміж зубрам і людзьмі, паляванне на зубра. Жывёла з усіх сіл імкнецца выжыць, уся душа зубра напоўнена нянавісцю да тых, хто захацеў яе пакрыўдзіць, хто замахнуўся на яе незалежнасць і жыццё. Звер з апошніх намаганняў імкнецца адпомсціць за свае раны, за кроў. Усім ходам свайго паэтычнага аповяду аўтар імкнецца сцвердзіць жыватворную сілу беларускай зямлі, яе неўміручы дух, нязломнасць, веліч і духоўнасць народа, пра які паэт кажа, што духоўныя “скарбы свае людзі гэтай зямлі на золата нават не прамяняюць”. Аднак паказаць сілу, моц, прыгажосць зубра - гэта не адзіная і не асноўная задума аўтара. У вобразе зубра Мікола Гусоўскі паказаў беларускі народ. Нораў зубра - хіба гэта не адметны характар беларуса: ён можа быць незвычайна пяшчотным і лагодным, калі з ім па-добраму, і, наадварот, - люта помсціць таму, хто ідзе на яго з мячом. Так і беларускі народ заўсёды бараніў сваю незалежнасць ад тых, хто на яе пасягаў. М. Гусоўскі нездарма ўводзіць у паэму вобраз князя Вітаўта. У чытача адразу ўзнікае паралель паміж ім і зубрам. I той, і другі - уладары на сваёй тэрыторыі. Характар першага падобны на нораў другога. Князь Вітаўт - смелы, мудры і справядлівы, не церпіць баязліўцаў і тых, хто хлусіць. I самае галоўнае - непамерна любіць сваю Бацькаўшчыну, сваю Радзіму. Зубр, князь і народ у творы выступаюць як адзінае цэлае. Зубр - сімвал нашай Беларусі, яе прыгажосці, велічы, магутнасці, яе свабодалюбівага мірнага народа. Мінізаключэнне: у сваёй славутай паэме Гусоўскі захапіўся больш не знешнасцю свайго героя, а яго ўнутранай сутнасцю. Ён надаў ёй рысы чалавечага характару. Зубр - сімвал мужнасці, смеласці, рашучасці. Ён нават перад смерцю думае больш пра пушчу, пакінутых блізкіх, а не пра сябе. Яго смерць становіцца выклікам жорсткасці чалавека, заклікам супроцьстаяць чорным сілам. Гэта смерць ваяра, які змагаўся да канца і не просіць літасці ў ворага:

Вобраз князя Вітаўта ў паэме М. Гусоўскага “Песня пра зубра” Цэнтральнай праблемай твора з'яўляецца праблема дзяржаўнасці і суверэнітэту. Ад чаго залежыць росквіт і моц дзяржавы? На думку Гусоўскага - ад дзяржаўцы. Якім павінен быць дзяржаўца, каб краіна квітнела і была недасягальнай для ворагаў, была незалежнай? Што павінна быць прыярытэтным у палітыцы такога дзяржаўцы? Вобразам князя Вітаўта паэт даў адказ на вечнае і надзённае пытанне. Свой ідэал дзяржаўцы паэт-філосаф знайшоў у мінулым, у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. У паэме раскрываюцца вобразы двух уладароў Вялiкага Княства Лiтоўскага - Вiтаўта i Жыгiмонта. Апiсанню Жыгiмонта - смелага паляўнiчага, якi першым кiдаецца на раз'юшанага звера, - у творы адводзiцца нямнога радкоў. Паэт аддае перавагу Вiтаўту, якi выступае ў паэме як дзяржаўны муж, кiраўнiк, выхавацель, многабакова развiтая асоба. Вiдавочным з'яўляецца тое, што пры стварэннi сваёй паэмы Гусоўскi арыентаваўся на добра вядомы яму “Летапiс вялiкiх князёў Лiтоўскiх”. “Летапiс” заканчваецца так званай “Пахвалой Вiтаўту”, у якой высока ацэньваюцца дзяржаўна-палiтычныя заслугi князя. Важным матывам паэмы стала ўслаўленне дзейнасці свабоднай і мужнай асобы - уладара Вялікага Княства Літоўскага - князя Вітаўта. У часы княжання Вiтаўта дзяржава дасягнула небывалага росквiту i ўздыму, мела дыпламатычныя сувязi з усiмi заходнееўрапейскiмi краiнамi. З князем старалiся жыць у мiры i згодзе многiя суседзi, якiя не столькi палохалiся яго, колькi паважалi яго за адважнасць, мудрасць, справядлiвасць. Мікола Гусоўскі ў сваім творы ідэалізуе вобраз Вітаўта, услаўляе князя як мудрага і дальнабачнага палітыка: Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы Росквітам княства Літоўскага, нашага краю, I называюць той век залатым...(53). Нават праз столькі гадоў пасля смерці Вітаўта яго ўзвялічваюць, памятаюць, паважаюць. Для Міколы Гусоўскага Вітаўт з'яўляецца ідэалам кіраўніка дзяржавы. Вітаўт быў князем, якога баяліся нават кіраўнікі буйнейшых за ВКЛ дзяржаў. Ён быў грозны: Нават татарын, пакорліва ўнурыўшы голаў, Лук свой зламаны яму аддаваў і тлумачыў, Што, спаганяўшы ясак каля вотчын літоўскіх, Сам станавіўся пачварнай здабычай літвінаў (44). У паэме аўтар стварае вобраз мудрага, грознага, сумленнага і справядлівага кіраўніка, які даў сваёй дзяржаве новае жыццё. Перад багаццем і шчасцем зямным пастаянна Ставіў багацце духоўнае - злата дзяржавы (53). З гэтых радкоў бачна, што ў час кіравання Вітаўта таксама дасягнула росквіту і культура. Князь сам ахрысціўся, падаў народу ўзор. Вітаўт адчуваў адказнасць за свае словы і ўчынкі, яму было ўсё роўна ці ты селянін, ці багаты магнат, ці просты воін. Ён быў роўны да ўсіх, і калі вінаваты быў багаты магнат, то ён адказваў за свае ўчынкі, як і просты селянін. З мэтай падрыхтоўкi сваiх воiнаў да барацьбы з ворагам Вiтаўт часта наладжваў у пушчах паляваннi, якiя лiчылiся своеасаблiвай школай вайсковага выхавання. Палюючы на лясных звяроў, воiны прывучалiся валодаць кап'ём, рагацiнай, лукам. У гэтых дзiкiх аблавах на звяроў выпрабоўваўся характар воiна, загартоўваўся яго баявы дух. Галоўнымi якасцямi воiна, на думку Вiтаўта, павiнны быць смеласць, адважнасць, ваяўнiчасць, баявое майстэрства. Вiтаўт быў для М. Гусоўскага iдэалам кiраўнiка, палiтыка i грамадскага дзеяча. У яго вобразе паэт хацеў уславiць дзейнасць свабоднай, мужнай i адважнай асобы, шчыра адданай сваёй Бацькаўшчыне. Вось якім кіраўніком быў Вітаўт, што паэма М. Гусоўскага і ў нас выклікае гонар вялікім князем. І М. Гусоўскі “славу і ўхвалу аддаў яму поўнаю мерай”. Можа, нейкім чынам гэтыя радкі будуць паўтарэннем вышэй сказанага, але хочацца адзначыць, што князь Вітаўт - разумны і паважаны кіраўнік краіны. Яго княжанне дазволіла падняць аўтарытэт Вялікага Княства Літоўскага, дасягнуць магутнасці і сусветнай вядомасці. Вітаўт - моцны ўладар, якога шанавалі ва ўсіх блізкіх і далёкіх дзяржавах, дыктаваў свае правы нават грознай Ардзе. Высакародны, справядлівы і патрабавальны чалавек, які за правіннасці не мілаваў нават самых блізкіх і верных паплечнікаў. Смелы і мужны, ён не любіў баязліўцаў, клятваадступнікаў, жорстка караў хабарнікаў. Гусоўскі славіць Вітаўта як уладарнага, простага ў побыце, спрактыкаванага ў баі і дальнабачнага кіраўніка. Князь Вітаўт, якога Гусоўскі лічыў ідэальным правіцелем, - цэнтральны вобраз твора. Вітаўт - патрыёт, верны традыцыям, праўдзівы і справядлівы чалавек, выдатны кіраўнік дзяржавы, строгі, патрабавальны да людзей, але разважлівы і разумны. Шмат можа сказаць нам той факт, што аўтар уславіў не Жыгімонта, а іменна Вітаўта. І невыпадкова, што зубр у паэме параўноўваецца з адважным i смелым князем Вiтаўтам, у час княжання якога Вялiкае Княства Лiтоўскае дасягнула небывалага росквiту. Вiтаўт паказаны ў паэме ў паўсядзённым жыццi. Воiнская мудрасць дапамагала князю дасканала рыхтаваць будучых воiнаў, прывучаючы iх да вернасцi клятве, справядлiвасцi, бясстрашнасцi. Найважнейшым вынiкам дзейнасцi Вiтаўта, лiчыць М. Гусоўскi, з'яўляецца тое, што “густа ён справамi век насялiў свой”, i справы прынеслi княству i багацце, i дастатак. Нельга не захапляцца мудрасцю нашага слыннага земляка, які паўтысячагоддзя таму нагадаў нам пра галоўны закон вечнасці, “закон прирожений”, - не хлебам адзіным жыве чалавек. А калі толькі хлебам, то не будзе і хлеба. Афарыстычна, вобразна сфармуляваў ён гэты закон, папярэдзіўшы нас пра бяду, калі закон той парушым: … Мне так здаецца, што гэтай шаноўнаю назвай Век той названы па простай прычыне: дзяржаўца Перад багаццем і шчасцем зямным пастаянна Ставіў багацце духоўнае - злата дзяржавы [4, c. 43]. Апісанню “вячыстых” спраў Вітаўта, яго клопатаў пра “багацце духоўнае” як “злата дзяржавы” прысвечана ў паэме шмат старонак. Пры князю Вітаўту нашы продкі жылі ў прававой дзяржаве. Першай у Еўропе прававой дзяржаве, у якой панавала сіла закону, а не закон сілы. І была гарантавана роўнасць усіх перад сілай закону. Прагнасць нажыцца пад шыльдаю варты закона, Сквапнасць - загрэбці кавалак у бліжняга з рота - Ён тыранічнымі сродкамі так пратараніў, Што на вякі нават завад іх вывеўся ў княстве. Кім бы і чым бы ні быў ён пры іншых заслугах, Нават за гэта адно я пяю яму славу. Густа ён справамі век насяліў свой, і водгук Спраў тых вячыстых патрапіў у гэтую песню (49 - 50). Міжволі ўзнікае пытанне: чаму Мікола Гусоўскі ў сваіх пошуках ідэальнага кіраўніка звяртаецца да мінулых часоў? Магчыма таму, што ён не мог знайсці такі прыклад сярод сваіх сучаснікаў. Вобраз Вітаўта намаляваны аўтарам з надзвычайным захапленнем і любоўю. Іменна ў гэтым уладары Гусоўскі ўбачыў увасабленне вайсковай магутнасці і дзяржаўнай велічы Кялікага Княства Літоўскага. У той час вельмі часта здаралася, што большае княства падпарадкоўвала сабе меншае. Побач жа з Вялікім Княствам Літоўскім знаходзіліся такія магутныя дзяржавы, як Маскоўскае княства, Польскае каралеўства, якія не былі супраць таго, каб крыху пашырыць свае межы. А часам яшчэ і манголататары рабілі набегі. Пры такіх абставінах князь і яго дружына павінны былі быць “сцяной”, за якой хаваліся ў час небяспекі жыхары княства. Разумеючы гэта, Вітаўт старанна рыхтаваў сваю дружыну і княства да будучых войнаў: Сам гартаваны, як меч на кавалдзе паходнай, Вітаўт і знаць не хацеў сабе большага шчасця, Чым гартаваныя ў бітвах бясстрашныя раці (48). Князь не звяртаў ніякай увагі на паходжанне сваіх воінаў, для яго галоўным была доблесць кожнага дружынніка: Ох, не любіў баязліўцаў і пестаў з магнатаў! Будзь ты магнатам, але калі дрэйфіш у справе, Лёс незайздросны ў такога - пагарда дружыны (48 - 49). Таксама Вітаўт быў чулым, справядлівым, патрабавальным і жорсткім у адносінах да злачынцаў, хабарнікаў. Усе гэтыя якасці неабходны ўладару, бо інакш просты чалавек не будзе бачыць мяжу паміж добрым і дрэнным. Мінізаключэнне: у паэме М. Гусоўскага да глыбiнi душы хвалююць усе беды i пакуты беларусаў. Прычыну iх гаротнага становiшча аўтар бачыць у тым, што князi i баяры, усе, хто мог бы заступiцца за простых людзей, глухiя да iх “i не горай, чым жорсткi татарын, душаць пятлёй галасы абурэння ў народзе”. У сваёй “Песні пра зубра” Мікола Гусоўскі параўноўвае магутнасць зубра і веліч асобы князя Вітаўта. Аўтар адносіцца да знакамітага ўладара Вялікага Княства Літоўскага з відавочнай сімпатыяй і вялікай пашанай.

Адрасаваная найперш еўрапейскаму лацінамоўнаму чытачу, яна стала ўзнёслай патрыятычнай песняй паэта пра сваю Бацькаўшчыну і свой народ. Гэты адносна невялікі твор (1074 радкі гекзаметра), заснаваны на асабістых назіраннях, уражаннях і перажываннях аўтара, вылучаецца арыгінальнасцю і самабытнасцю, першароднай свежасцю вобразаў і малюнкаў, цеснай сувяззю з тагачаснай беларускай рэчаіснасцю. З вялікай мастацкай сілаю, пачуццём гонару і шчымлівай любоўю апісаў паэт спрадвечнае хараство і багацце прыроды роднага краю (называе яго Літвою), праўдзіва падаў ратныя і працоўныя справы свайго народа, яго заняткі, норавы і звычаі, уславіў яго гераічную мінуўшчыну. Твор прасякнуты любоўю паэта да роднага краю, глыбокім адчуваннем радзімы як месца адзінага і непаўторнага. … Думкай ляціш быстракрылай Ноччу і днём на радзіму, у памяці сеці Вабіш той час незабыўны,што некалі ў нетрах Родных лясоў разгубіўся, і кліч - не даклічаш…(19 - 20) Аўтар замiлавана любуецца пушчай, дзе прайшло яго дзяцiнства i юнацтва, захапляецца “дзiвосным прыстанкам загадак i цудаў”. Лес i прырода для паэта - “элiксiр маладосцi, бадзёрасцi духу”. У беларускiх пушчах незлiчоныя багаццi, мноства звяроў, птушак, у нераст рыба кiшыць не толькi ў рэках i азёрах, але i ў лужынах: Нашы лясы - гэта нашых даброт i багацця невычарпальны калодзеж; з яго напаўняем Лайбы і стругі заморскіх купцоў, што прывозяць Недзе са свету да нас на таргі свой набытак (19). У паэме аўтар глядзіць на сваю радзіму нібы збоку і імкнецца ўславіць усё тое, з чым у яго свядомасці асацыіруецца вобраз Беларусі, роднай зямлі. Царом беларускiх лясоў i пушчаў з'яўляецца грозны i магутны асiлак - зубр. Такiх магутных звяроў, пiша аўтар, прырода захавала толькi пад зоркай Палярнай -- у нас, на Беларусi. Амаль палавіну твора займаюць апісанні вонкавага выгляду, звычак, жыцця зубра. У сваёй славутай паэме “Песня пра зубра” беларускі паэт, які пісаў на лацінскай мове, упершыню так шырока і ўсебакова ўславіў Беларусь і яе прыроду, апеў веліч, мудрасць, духоўнасць беларускага народа, свабодных духам людзей. Так быў “адкрыты” для ўсёй Еўропы край беларускіх пушчаў і палёў, азёр і рэк, сапраўдны архіпелаг зямнога хараства і незлічоных багаццяў.

ПРАБЛЕМА ВАЙНЫ І МІРУ Ў “ПЕСНІ ПРА ЗУБРА” МІКОЛЫ ГУСОЎСКАГА Войны! Злачынная справа - вайна выклікае Гнеў мой, i слёзы, i боль. М. Гусоўскі У творы Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра” паэтычная задума выйшла далёка за межы палявання. Важнымі тэмамі паэмы з'яўляюцца апісанне грамадска-палітычнага жыцця сучаснай аўтару пары і ранейшага часу. Адну з важных прычын няшчасцяў і пакут радзімы і простага народа гуманіст бачыў у войнах, у варожасці паміж уладарамі дзяржаў, прапаведаваў роўнасць народаў, заклікаў паразважаць над прычынамі ўсіх бед у дзяржаве, падумаць, ці не ўзнікаюць яны ад бяздарных дзеянняў уладароў. М. Гусоўскі першым у беларускай літаратуры адчуў і сказаў пра надыход крызісу сацыяльна-палітычнага ладу Ў Вялікім Княстве Літоўскім. Ён крытычна паставіўся да палітыкі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, бо выражаў інтарэсы шляхты і гараджан, а не багатых магнатаў. Ён выкрывае палітыку каралёў свету: Спынім забойствы! Сумленне, і розум, і гонар Ўладна загадваюць кніжніку: як са званіцы, Бі ў сваё звонкае слова, узбройвай народы Супраць разбою! Бясконца купае і губіць Марс збраяносны людзей у крывавых купальнях. Гонар, сумленне зямных уладарцаў, здаецца, Спяць беспрабудна. Усе іх учынкі і справы Людзям на гора, дзяржаве ж - на шкоду і страты (60 - 61). Разам з тым Гусоўскі разумее, што войны, навязаныя захопнікамі трэба весці, супрацьпастаўляючы сіле агрэсіі сілу абароны. Ён засмучаецца, але і ганарыцца тым, што яго радзіме наканавана весці бясконцыя войны з магаметанскай навалай: Войны! Злачынная справа - вайна выклікае Гнеў мой, і слёзы, і боль. Без падтрымкі, бясконца Войны вядзём мы адзін на адзін за свяшчэнны Братні саюз хрысціянства з навалай з усходу. Там, дзе арда саранчой прапаўзе, застануцца Толькі асмолкі ды печышчы, попел ды косці, Зграі варон ды чароды сабак адзічэлых (34). Канчаецца гэтая ўсхваляваная і ў той жа час праніклівая прамова перасцярогаю ганарлівым і карыслівым заходнім суседзям Рэчы Паспалітай, якіх “напасць батагом не кранула”, а “певень чырвоны пакуль што на дахах спічастых крыллем не лопнуў”, каб адумаліся і не спрыялі “ўсёй набрыдзі радай і справай”, бо “блізка жахаюць маланкі”і неўзабаве могуць запалаць і іх уласныя землі, тады “локаць гатоў будзеш свой укусіць у адчаі” [1, c. 170]. З абурэннем піша паэт пра пакуты простага люду, разбой прыгнятальнікаў. Грамадзянскай пазіцыяй пісьменніка ён лічыў абуджэнне нацыянальнай свядомасці народа. Плаха і кат-выканаўца - вось доля любога, Хто пастаяць за закон і за Бога азваўся. Як толькі ён, наш заступнік нябесны, трывае, Бачачы ўсё гэта? Як у крывавым патопе Верных гасподняму слову, набожных, знаходзіць (62). У радках, якія асуджаюць міжусобныя войны, бачны Гусоўскі-дыпламат, які хоча паказаць заходнееўрапейскаму чытачу, і перш за ўсё палітычным дзеячам, свой край як бастыён хрысціянскага свету, заставу, якая не адчувае падтрымкі асноўных сіл краін Заходняй Еўропы. На жаль, сілы гэтыя паслабляюцца ўнутранымі канфліктамі, палітычнымі разладамі і саперніцтвам свецкіх і духоўных хрысціянскіх уладароў. Аўтар наводзіць чытача на думку, што магаметанская пагроза, якая насоўваецца з Усходу, павінна паяднаць і згуртаваць хрысціянскі Захад дзеля яго ж карысці. Гэта не толькі наказ гонару, але і аргумент розуму. Ворагi (крыжаносцы, татара-мангольскiя заваёўнiкi) урываюцца на беларускiя землi, агнём i мячом усталёўваюць свой лад, жорстка распраўляюцца з прыхiльнiкамi нашай веры, вынiшчаюць мястэчкi i сёлы, не шкадуючы нi жанок, нi дзяцей. Там, дзе пройдуць варожыя войскi, застаюцца толькi “асмолкi ды печышчы, попел ды косцi, зграi варон ды чароды сабак адзiчэлых”. Галоўную прычыну паражэнняў паэт бачыць у раз'яднанасцi людзей, iх незгуртаванасцi, таму i заклiкае ўсiх князёў беларускай зямлi да аб'яднання, адкрыта асуджае мiжусобiцы, братазабойствы: І ад сваiх мiжусобiц мы ўсе не дужэем. Нашы ж мячы падсякаюць i веру Хрыстову. Кінуўшы здрадліва ворагам лютым на здзекі Веру дзядоў і бацькоў, нам адно застаецца: Літасці боскай чакаць і прасіць даравання (61). Міжусобныя войны - адкрытая праява братазабойства - з'яўляюцца для Гусоўскага прадметам асабліва вострага асуджэння і адмаўлення. Зачыншчыкаў такіх войнаў - князёў і вяльмож - паэт называе людзьмі, пазбаўленымі розуму, і просіць у багародзіцы паслаць іх цёмным душам прасвятленне. Заканчваецца паэма малiтвай да Дзевы Марыi, у якой паэт просiць Мацi Боскую спынiць забойствы i кровапралiццi, даць больш мудрасцi i раўнавагi князям i ваяводам, супакою, ладу i шчасця свайму пакутнаму краю i народу. У гісторыі беларускай літаратуры, пры вывучэнні творчасці М. Гусоўскага, адзначана, што ў вырашэнні гэтай тэмы Гусоўскі выступае прадаўжальнікам вялікай традыцыі, якая складае ідэйны стрыжань старажытнарускіх і беларуска-літоўскіх летапісаў (палітычныя аповесці). Узброены патрыятычнымі ідэямі вывучаных у маладосці “кнігаў славянскіх, граматаў рускіх”, Гусоўскі выходзіць на прасторы палітычнага мыслення свайго часу. Як і належыць дарадчыку пасла, ён мысліць еўрапейскімі маштабамі і бачыць свой край у кантэксце еўрапейскай культурна-цывілізатарскай сістэмы. Паэт-дыпламат умее паглядзець на сваю радзіму збоку, вачыма замежных палітыкаў, вучоных і купцоў. Ён разгортвае, як прадавец на прылаўку, усе багацці сваёй роднай зямлі, каб яшчэ больш прывабіць да яе позіркі замежных гасцей: Нашы лясы - гэта наша скарбонка і свіран, Наша камора жывіцы, і дзёгцю, і ягад, Мёду і воску, куніцы і рознай дзічыны. Так што купец чужаземны, тугой калітою Не паскупіўшыся, можа раскінуцца шчодра І на таргах, і на менах - тавараў удосталь. Тут і сасновыя бёрны, і бруссе, і кроквы, Дуб на шалёўкі - купляй і будуйся, бязлесны. Бортнікі нашы на стаўках - разлапістых соснах - Ставяць вуллі, а часамі і ў дрэве пад верхам Выдзеўбуць долатам борці і лётвы прыладзяць - Вось і стаяк-каранёк для залётнага рою. Так прыручаем пчалу і частуемся мёдам (26 - 27). І вось гэты надзелены ад прыроды незлічонымі багаццямі край аказваецца слабым, няздольным абараніць сябе, бо ён адасоблены, недаацэнены патэнцыяльнымі саюзнікамі. Ёсць і ўнутраная прычына гэтай слабасці - цемната, забабоннасць, якая праяўляецца ў фізічным падаўленні асобы чалавека. Самавольства і дэспатызм князёў і магнатаў спарадзілі грамадскую пасіўнасць, пакорнасць лёсу [1, с. 170 - 171]. У паэме цудоўным чынам пераплятаюцца вобразы зубра, князя і народа. М. Гусоўскага да глыбіні душы хвалююць усе беды і пакуты беларусаў. Прычыну іх гаротнага становішча аўтар бачыць у тым, што князі і баяры, усе, хто мог бы заступіцца за простых людзей, глухія да іх “і не горай, чым жорсткі татарын, душаць пятлёй галасы абурэння ў народзе”. Гора і пакуты нясуць простаму люду і войны. М. Гусоўскі асуджае іх як сродак высвятлення адносін паміж людзьмі. Праблема вайны і міру, дабра і зла, жыцця і смерці, духоўнага і матэрыяльнага, адказнасці Асобы перад народам, чалавека і прыроды, дзяржаўнасці і суверэнітэту - вось далёка не ўсе праблемы, якія з незвычайнай мастацкай сілай ставяцца і вырашаюцца паэтам-філосафам. Як бы гледзячы на сваю Радзіму з далёкай Італіі, паэт бачыў тую небяспеку, якую неслі княству міжусобныя войны, што аслаблялі яго, спусташалі. Трывогай і болем поўніцца яго сэрца ад усведамлення таго, што яго чароўны край з'яўляецца фарпостам барацьбы з залатаардынцамі, тэўтонамі і туркамі, што несупынныя войны каранаваных уладароў віхурай праносяцца праз наш край і вынішчаюць генафонд нацыі: Б'юцца князі-ваяводы, а стогнуць народы: Воіны ж гінуць у тых і другіх у сутычках, Што ім твой смерд - наша гора і нашы пакуты? Ім бы свайго дамагчыся, а ты хоць заліся Ў горкіх слязах. За мурамі рыданняў не чутна - Значыць, гандлюй і крывёю і лёсам падданых (61). Антываенная накіраванасць, гуманістычны пафас паэмы робяць яе надзвычай сучаснай. Па-максімалісцку бунтарскі і катэгарычны паэт, калі гаворыць пра падпальшчыкаў вайны - “зямных уладарцаў”, якім не дае спакою “сверб панавання”. Надзённа гучыць яго заклік: “Спынім жа войны!” І заклік адрачыся ад спраў, “што нас душаць няшчадна”, таксама сучасны [4, c. 43]. Каб глыбей зразумець антываенны пафас паэмы, неабходна звярнуць увагу на мэту, з якой Мікола Гусоўскі і яго мецэнат (апякун) Эразм Вітэліус накіраваліся ў Рым. Гэта была місія міру, пошук дзяржаваў-саюзнікаў у магчымай вайне з Асманскай (турэцкай) імперыяй. Як кіраўнік пасольскай дэлегацыі Вялікага Княства Літоўскага Вітэліус імкнуўся паўплываць на папу рымскага, а таму паэма Гусоўскага была не толькі эстэтычнай, мастацкай з'яваю, але адначасова і важкім укладам у мацаванне міжнароднага аўтарытэту яго дзяржавы.

ТЭСТ 1.Лічыцца, што Мікола Гусоўскі нарадзіўся ў сям’і вялікакняжацкага ______ каля 1470 – 1480 гг. 2. Першапачатковую адукацыю Мікола Гусоўскі атрымліваў на радзіме. а) так б) не 3. У 1518 – 1522 гадах М. Гусоўскі знаходзіўся ў складзе пасольскай місіі ў горадзе _________ . 4. У 1522 годзе М. Гусоўскі стварыў на _______ мове “Песню пра зубра”. 5. Паэма “Песня пра зубра” была выдадзена ў горадзе Варшаве. а) так б) не 6. Цэнтральнай у паэме “Песня пра зубра” з’яўляецца тэма ______ . 7. Своеасаблівай эмблемай Радзімы паэта і вобразам-сімвалам магутнасці Вялікага Княства Літоўскага стаў _______ . 8. У вобразе _________ аўтар выявіў сваё разуменне дасканалага дзяржаўнага дзеяча. 9. Час праўлення гэтага вялікага князя М. Гусоўскі называе ________. 10. Чалавек, на думку аўтара паэмы, павінен навучыцца жыць у гармоніі з ______.